ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,

спецыяльныя войскі, прызначаныя для інж. забеспячэння мотастралк., танк. і інш. войск пры вядзенні імі баявых дзеянняў. Ёсць у арміях большасці дзяржаў. Упершыню створаны ў Францыі ў 17 ст., у Расіі — у пач. 18 ст. У СССР створаны ў ходзе арганізацыі Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну рабілі загароды на шляхах наступлення праціўніка, наладжвалі абарончыя рубяжы. Пры наступленні вялі інж. разведку, рабілі праходы ў загародах праціўніка, забяспечвалі фарсіраванне водных рубяжоў, замацаванне захопленых рубяжоў і інш. І.в. сучасных армій складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў рознага прызначэння: інж.-сапёрных, штурмавых, загараджальных і разгараджальных, інж.-дарожных, мостабуд., пантонна-маставых, пераправачна-дэсантных (амфібійных), пазіцыйных, маскіровачных, палявога водазабеспячэння, інж.-буд. і інш. У арміях некат. дзяржаў ёсць інж. часці для выкарыстання ядз. мін (фугасаў). Арганізацыйна І.в. ўваходзяць у склад аб’яднанняў, злучэнняў і часцей відаў узбр. сіл і рэзерву Гал. (Вярх.) камандавання.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)